6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белтэлерадыёкампанія аб'яўляе аб пачатку правядзення рэспубліканскага адборачнага тура конкурсу маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2012" (Eurovision Young Musicians 2012), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Да ўдзелу ў адборы дапускаюцца юныя музыканты, якім на дату падачы заяўкі споўнілася не больш за 19 гадоў, а ў 2012 годзе не павінна споўніцца 20 гадоў. Удзельнікамі рэспубліканскага конкурсу могуць быць музыканты, якія валодаюць любым музычным інструментам, для якога напісаны партыі для сольнага выканання ў суправаджэнні аркестра. Музычная дзейнасць канкурсантаў на гэты час не павінна з'яўляцца іх прафесіяй.
Для ўдзелу ў конкурсе да 15 лютага на адрас Белтэлерадыёкампаніі трэба прыслаць заяўку заказным пісьмом. Палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага адборачнага тура конкурсу маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2012", анкета і заявы апублікаваны на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.
Рэспубліканскі адбор пройдзе ў тры этапы: уласна адборачны тур, праслухоўванне і фінал. Да 20 лютага прафесійнае журы разгледзіць атрыманыя заяўкі і адбярэ канкурсантаў для праслухоўвання, якое адбудзецца да 27 лютага. Па выніках праслухоўвання журы вызначыць фіналістаў. Пераможца рэспубліканскага конкурсу вызначыцца шляхам падсумоўвання вынікаў галасавання членаў прафесійнага журы ў фінале конкурсу, які адбудзецца ў лютым-сакавіку 2012 года.
Конкурс маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2012" будзе трансліраваць тэлеканал "Беларусь 1".
Eurovision Young Musicians - гэта міжнародны конкурс класічнай музыкі для маладых таленавітых музыкантаў, заснаваны Еўрапейскім вяшчальным саюзам у 1982 годзе, які праходзіць раз у два гады. Беларусь удзельнічае ў ім другі раз. Першым прадстаўніком нашай краіны стаў у 2010 годзе віяланчэліст Іван Карызна.
Конкурс пройдзе ў маі бягучага года ў Вене. Па традыцыі яго фінальны канцэрт стане цырымоніяй адкрыцця сусветна вядомага Венскага фестывалю мастацтваў.
Арганізатарам рэспубліканскага адборачнага тура выступае Белтэлерадыёкампанія. Конкурс праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.-0-
|