7 лютага, Мінск /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі накіравала Міністэрству навакольнага асяроддзя Літвы пісьмо з запрашэннем абмеркаваць у бліжэйшы час у Мінску пытанні, звязаныя з будаўніцтвам беларускай і Вісагінскай АЭС. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела інфармацыі і сувязей з грамадскасцю - прэс-сакратар міністэрства Алена Пенязь.
У пісьме Мінпрыроды Беларусі прапанавала правесці двухбаковыя кансультацыі па некалькіх пытаннях, якія закранаюць будаўніцтва АЭС, у тым ліку па праекту двухбаковага пагаднення аб выкананні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (ЭСПА). У прыватнасці, эколагі плануюць абмеркаваць з літоўскімі калегамі пасляпраектны аналіз беларускай АЭС у адпаведнасці з Канвенцыяй ЭСПА, а таксама існуючыя ў літоўскага боку пытанні ў сувязі з прыняццем рашэння аб зацвярджэнні абгрунтавання інвесціравання ў будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі.
Мяркуецца, што дыскусія разгорнецца таксама па выніках праведзеных Літвой у 2010 годзе інжынерна-геалагічных і геатэхнічных даследаванняў Вісагінскай пляцоўкі, а таксама па тыпу рэактарнай устаноўкі, які выбраны для будаўніцтва Вісагінскай АЭС. У справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ён не быў вызначаны.
"Мы прапануем літоўскаму боку вызначыць зручную дату і час у лютым або пачатку сакавіка 2012 года для правядзення кансультацый, а таксама паведаміць аб прынятым рашэнні і аб складзе літоўскай дэлегацыі", - сказала Алена Пенязь.-0-
|