11 чэрвеня, Мінск /Наталля Ільічова - БЕЛТА/. Распіццё піва і слабаалкагольных напіткаў у грамадскіх месцах у Беларусі будзе забаронена. Такая норма прадугледжана змяненнямі і дапаўненнямі ў некаторыя кодэксы па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Гэты законапраект Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла сёння ў першым чытанні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч, у дзеючым заканадаўстве прадугледжана адказнасць за распіццё толькі алкагольных напіткаў на вуліцы, стадыёне, у скверы або парку і іншых грамадскіх месцах, акрамя спецыяльна прызначаных для гэтага ўстаноў.
Згодна з прынятымі сёння папраўкамі, за распіццё піва і слабаалкагольных напіткаў у грамадскіх месцах уводзіцца адміністрацыйная адказнасць. Такое правапарушэнне прывядзе да штрафу ў памеры 8 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br35 тыс.). Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання спагнання, прадугледжваюць штраф ад 2 да 15 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Валерый Міцкевіч дадаў, што законапраект таксама прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за знаходжанне на рабочым месцы ў рабочы час у стане ап'янення.
Становяцца больш жорсткімі меры ўздзеяння і на курцоў. У адпаведнасці з папраўкамі, курэнне тытунёвых вырабаў у забароненых месцах вядзе да накладання штрафу да 4 базавых велічынь. Цяпер памер штрафу за такое правапарушэнне значна меншы - ад 0,1 да 0,5 базавай велічыні.
Валерый Міцкевіч адзначыў, што ў цэлым новы законапраект прадугледжвае вялікую колькасць змяненняў і дапаўненняў у крымінальнае і адміністрацыйнае заканадаўства. З аднаго боку, яны накіраваны на ўзмацненне адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, а з другога - на лібералізацыю эканамічных адносін, змякчэнне адказнасці ў сферы прадпрымальніцтва.-0-
|