|
Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "БЕЛАРУСКАЕ ТЭЛЕГРАФНАЕ АГЕНЦТВА"
Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА) - буйнейшае інфармацыйнае агенцтва Рэспублікі Беларусь - ужо амаль 90 гадоў нязменна захоўвае афіцыйны статус дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва краіны і застаецца найбольш аўтарытэтнай крыніцай аператыўнай інфармацыі аб дзейнасці вышэйшых органаў улады Беларусі. Заснавана 23 снежня 1918 года.
Доўгі час, захоўваючы юрыдычную самастойнасць, працавала ў цеснай каардынацыі з Тэлеграфным агенцтвам Савецкага Саюза (ТАСС). З 1991 года БЕЛТА - інфармацыйнае агенцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Беларускае тэлеграфнае агенцтва працуе ў рэжыме рэальнага часу, размяшчаючы навіны на ўласным інтэрнэт-сайце на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай і іспанскай мовах. БЕЛТА - адзіны ў рэспубліцы дзяржаўны інфармацыйны анлайн-рэсурс, які размяшчае інфармацыю на беларускай мове.
Штодзённа БЕЛТА рыхтуе і распаўсюджвае 150-170 інфармацыйных паведамленняў аб важнейшых падзеях у палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным, спартыўным жыцці Беларусі, дзеяннях і рашэннях вышэйшага кіраўніцтва краіны і іншых структур улады, міжнародных сувязях і кантактах, аб акцыях розных грамадскіх арганізацый і палітычных рухах. На базе стужкі навін агенцтва рыхтуюцца больш як 15 штодзённых, штотыднёвых і штомесячных веснікаў рознай тэматыкі.
Фотастужка БЕЛТА штодзённа размяшчае 20-25 фотатэм - гэта больш як 100 фотаздымкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
БЕЛТА мае свае карэспандэнцкія пункты і ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Маскве, Кіеве, Кішынёве, Варшаве, Вільнюсе і Каракасе.
У ліку інфармпартнёраў БЕЛТА інфармацыйныя агенцтвы Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Арменіі і іншых краін СНД, а таксама Кітая, Кубы, Ірана, Малайзіі.
Па цытуемасці ў сусветных сродках масавай інфармацыі БЕЛТА знаходзіцца ў ліку лідэраў сярод інфармагенцтваў краін СНД.
Беларускае тэлеграфнае агенцтва - шматпрофільнае прадпрыемства. БЕЛТА выдае інфармацыйна-праблемны штотыднёвік "7 дней" тыражом амаль 40 тыс. экзэмпляраў і часопіс "Экономика Беларуси. Economy of Belarus", які выходзіць у свет штоквартальна на рускай і англійскай мовах агульным тыражом 6 500 экзэмпляраў. Акрамя таго, БЕЛТА выпускае кнігі, брашуры, плакаты, буклеты, выконвае паліграфічныя заказы.
БЕЛТА займаецца распрацоўкай, тэхнічным і інфармацыйным суправаджэннем, а таксама ўкараненнем (аптымізацыяй) інтэрнэт-сайтаў для органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў і арганізацый.
НАШЫ РЭКВІЗІТЫ Поўная назва: Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
Скарочаная назва: УП "БелТА"
Вул.Кірава, 26, г. Мінск, 220030, Рэспубліка Беларусь. Тэл. 227-19-92, факс 227-13-46. Разліковы рахунак 3012706570015. Аддзяленне № 527 ОАО "Белінвестбанк". код 739. Вул. Леніна, 16, г. Мінск, 220030, Рэспубліка Беларусь. УНП 100088880 http://www.belta.by, e-mail: oper@belta.by
|