Rambler's Top100
"7 дней""Эканомiка Беларусi"Фотахронiка
Чацвер, 17. Май 2012
Шукаць
На галоўную  |  Карта сайта  
Навiны, падзеi, факты
Прэзідэнт
Палітыка
Эканоміка
Грамадства
Культура
Спорт
У свеце
Фотарэпартаж
Iнфаграфiка

Наша кампанiя
Аб кампанii
Паслугi
Прадукты
Падпiска
Зваротная сувязь

   Аб выніках правядзення інвестыцыйнага форуму Рэспублікі Беларусь у г.Лондане

18 лістапада 2008 у г.Лондане (Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі) адбыўся інвестыцыйны форум Рэспублікі Беларусь.

У форуме прыняла ўдзел урадавая дэлегацыя пад кіраўніцтвам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У яе склад былі ўключаны кіраўнікі і адказныя работнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў і канцэрнаў, дзяржаўных арганізацый і банкаў, прадстаўнікі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі.

Форум стаў першым спецыялізаваным мерапрыемствам, праведзеным Рэспублікай Беларусь за мяжой у мэтах інфармавання замежных дзелавых колаў аб інвестыцыйных магчымасцях Беларусі, вызначэння канкрэтных замежных партнёраў для прыцягнення замежных інвестыцый і высокіх тэхналогій, устанаўлення доўгатэрміновых узаемавыгадных дзелавых кантактаў зыходзячы са стратэгічных напрамкаў развіцця беларускай эканомікі.

У форуме прынялі ўдзел больш за 500 дэлегатаў, з іх больш як 300 - прадстаўнікі замежных галіновых кампаній і фінансавых структур з 35 краін свету.

У рамках мерапрыемстваў форуму праведзены пленарнае пасяджэнне і тэматычныя секцыі. Акрамя таго, напярэдадні і ў дзень правядзення форуму адбыліся папярэдне намечаныя і вызначаныя непасрэдна ў ходзе форуму сустрэчы Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь з прадстаўнікамі замежных кампаній і палітычных колаў Вялікабрытаніі.

Аб пленарным пасяджэнні форуму

Структура пленарнага пасяджэння форуму была пабудавана такім чынам, каб прадаставіць патэнцыяльным замежным інвестарам комплексную і аб'ектыўную інфармацыю аб умовах ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці ў Беларусі.

Для гэтага выступленні членаў Урада і дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, адказных за канкрэтныя сферы эканомікі, чаргаваліся з выступленнямі кіраўнікоў уплывовых міжнародных арганізацый, а таксама замежных кампаній, якія маюць станоўчы вопыт работы ў Беларусі.

Пленарнае пасяджэнне форуму адкрыў Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь, які зачытаў прывітальнае слова кіраўніка беларускай дзяржавы да ўдзельнікаў форуму і ахарактарызаваў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь.

Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.У. Кабякоў у сваім дакладзе ахарактызаваў стан і абазначыў тэндэнцыі развіцця асобных сфер нацыяльнай эканомікі (знешні гандаль, транспартна-лагістычная сістэма, інавацыйная і прыватызацыйная палітыка, кадравы патэнцыял, аграпрамысловы і энергетычны комплексы), а таксама азнаёміў удзельнікаў форуму з сістэмнымі мерамі, што прымаюцца ў Беларусі па стварэнню спрыяльных умоў для ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці.

Больш падрабязна асноўныя элементы прывабнасці інвестыцыйнага клімату Рэспублікі Беларусь былі раскрыты ў выступленнях кіраўнікоў Нацыянальнага банка, Дзяржкаммаёмасці, ДМК і адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій.

Пры гэтым выступленні афіцыйных асоб Беларусі на пленарнай частцы форуму былі зведзены да мінімуму, а асноўны ўпор зроблены на даклады кіраўнікоў міжнародных арганізацый і замежных кампаній, якія маюць станоўчы вопыт работы ў Беларусі.

На пленарным пасяджэнні форуму выступілі кіраўнікі ЮНКТАД, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Міжнароднай фінансавай карпарацыі, банкаў ABN AMRO (Нідэрланды) і Raiffeisen (Аўстрыя), Усеагульнага саюза гандлёвых, прамысловых і сельскагаспадарчых палат арабскіх краін, Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы, кампаній ”Роберт Бош“ (Германія), ”SB Telecom“ (Аўстрыя), ”Ітэра“ (Расія), ”ATEC“ (Аўстрыя), члены Парламента Вялікабрытаніі лорды Понсанбі і Скідзельскі.

У ходзе форуму "знакавыя фігуры" сусветнага бізнесу, кіраўнікі міжнародных арганізацый, уплывовыя людзі Вялікабрытаніі адзначылі інвестыцыйную прывабнасць Рэспублікі Беларусь, заклікалі інвестараў укладаць сродкі ў беларускую эканоміку.

Неабходна адзначыць, што, нягледзячы на значную працягласць пленарнай часткі форуму (5 гадзін), на працягу ўсяго пасяджэння інтарэс удзельнікаў не змяншаўся. Дзякуючы "жывым, яркім" выступленням і дыскусіям пленарная частка форуму прайшла ў атмасферы паўнацэннага інфармацыйнага дыялога.

Аб рабоце тэматычных секцый форуму

На форуме забяспечана работа чатырох тэматычных секцый ("Развіццё банкаўскай дзейнасці і фінансавых інстытутаў", "Прамысловасць, нафтахімічны комплекс і энергетыка", "Развіццё аграпрамысловага комплексу, харчовай і лёгкай прамысловасці", "Рэгіёны, свабодныя эканамічныя зоны, малы і сярэдні бізнес Рэспублікі Беларусь - прыярытэтныя формы прыцягнення замежных інвестыцый у эканоміку").

У ходзе работы секцый забяспечана прэзентацыя больш як 70 інвестыцыйных праектаў беларускіх арганізацый, зацікаўленых у прыцягненні замежных інвестыцый.

Беларускія інвестыцыйныя праекты выклікалі шырокую цікавасць у патэнцыяльных інвестараў. Паміж айчыннымі і замежнымі суб'ектамі гаспадарання дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці аб рэалізацыі сумесных праектаў.

Так, Мінэнерга і ДВА "Белэнерга" падпісалі тры пратаколы аб намерах з еўрапейскімі інвестрамі і буйнымі вытворцамі энергетычнага абсталявання:

з кампаніяй ”АЛСТОМ“ (Швейцарыя) дасягнута дамоўленасць аб разглядзе розных варыянтаў удзелу гэтай кампаніі ў стварэнні высокатэхналагічных сучасных цеплаэлектрастанцый, у тым ліку электрастанцыі на вугалі ў г.Зэльве, парагазавага блока 450 МВт у г. Белаазерску, а таксама ў будаўніцтве гідраэлектрастанцыі на рэках Заходняя Дзвіна, Днепр і паркаў ветраўстановак;

з кампаніяй "Кульчык Холдынг" (Польшча) пачата работа па сумеснай рэалізацыі праекта па збудаванню ў Рэспубліцы Беларусь новай вугальнай электрастанцыі магутнасцю да 1600 МВт у г.Зэльве і неабходнай інфраструктуры для пастаўкі ў сумежныя краіны электрычнай энергіі, вырабленай на гэтай электрастанцыі;

з кампаніяй ”CTY GROUP“ (Чэхія) дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы пры стварэнні высокатэхналагічных цеплаэлектрастанцый і будаўніцтве гідраэлектрастанцый, а таксама пры комплексных пастаўках трубаправодных сістэм высокага ціску і іншага абсталявання для рэалізацыі энергетычных праектаў з прыцягненнем замежных інвестыцый.

У галіне прамысловасці і нафтахіміі з кіраўніцтвам кампаніі ”STEMCOR“ (Вялікабрытанія) абмеркаваны пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў частцы пашырэння наменклатуры і павелічэння аб'ёмаў паставак прадукцыі ВА "БМЗ". З кіраўніцтвам кампаніі ”MAZ PROJECT LTD“ (Вялікабрытанія) абмеркаваны пытанні пашырэння прысутнасці тэхнікі маркі "МАЗ" на рынках Паўночнай Афрыкі. З кіраўнікамі банкаўскіх і кансалтынгавых структур праведзены перагаворы па пытаннях патэнцыяльнага ўдзелу ў прыватызацыі падпарадкаваных Мінпраму арганізацый.

Прадоўжаны перагаворы з кампаніяй "Філіпс" (Нідэрланды) аб арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь сумеснай вытворчасці святлодыёднай тэхнікі. Дасягнута дамоўленасць аб візіце ў г.Мінск кіраўніцтва кампаніі з 27 па 28 лістапада 2008 г. у мэтах вызначэння ступені яе фінансавага ўдзелу ў рэалізацыі праекта.

Праведзены перагаворы з кіраўнікамі кампаній ”Barclays capital“ і ”Global petrochemical Marketing со“ (Вялікабрытанія). Дасягнута дамоўленасць аб візіце прадстаўнікоў гэтых кампаній на ААТ "Гродна Азот" для вызначэння парадку іх удзелу ў рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы таварыства.

Кампанія ”Petroholland“ (Нідэрланды) выказала намер больш дэталёва вывучыць інвестыцыйны праект канцэрна "Белдзяржхарчпрам" "Арганізацыя вытворчасці паліўнага біяэтанолу на базе ААТ "Жабінкаўскі цукровы завод".

Кіраўніцтвам Брэсцкага аблвыканкама праведзена сустрэча з кампаніяй "OKD Doprava“ (Чэшская Рэспубліка), на якой абмеркаваны пытанні рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Будаўніцтва сучаснага транспартна-лагістычнага цэнтра па перавалцы грузаў на базе ЗАТ "Белтэрмінал" (г.Брэст). У развіццё сустрэчы 20 лістапада 2008 г. заключаны дагавор куплі-продажу акцый ЗАТ "Белтэрмінал" на карысць ”OKD Doprava“ на агульную суму 2,5 млн. долараў ЗША.

Нацыяльным банкам у ходзе форуму былі праведзены сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых міжнародных фінансавых арганізацый (FRANSABANK, Deutsche Bank, UniCredit і іншыя) па пытаннях прыцягнення для беларускіх банкаў стратэгічных інвестараў.

Прадстаўнікі названых фінансавых структур выказалі намер аказваць садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у арганізацыі продажу беларускіх банкаў, прапанавалі кансультацыйную дапамогу пры правядзенні міжнародных ацэнак беларускіх банкаў і перагавораў з патэнцыяльнымі стратэгічнымі інвестарамі па пытаннях іх удзелу ў набыцці пакетаў акцый дзяржаўных банкаў.

У ходзе перагавораў кіраўніцтва ААТ "ААБ Беларусбанк" з банкам ”Sumitomo Mitsui“ (Японія) абмяркоўваліся пытанні фінансавання пастаўкі абсталявання з Японіі ў Рэспубліку Беларусь для ААТ "Магілёўхімвалакно". Беручы пад увагу кошт і аб'ём пастаўляемага абсталявання на ААТ "Магілёўхімвалакно", банкам была ўнесена прапанова аб неабходнасці арганізацыі перагавораў на міжурадавым узроўні паміж Беларуссю і Японіяй па пытаннях устанаўлення ліміту для Беларусі нацыянальнымі экспартнымі страхавымі агенцтвамі Японіі.

Пры перагаворах з ААТ "Белаграпрамбанк" банк ”Sumitomo Mitsui“ (Японія) выказаў гатоўнасць дадаткова прапрацаваць магчымасць арганізацыі фінансавання беларускага экспарту ў некаторыя краіны Заходняй Еўропы і ЗША. Фінансаванне можа быць прадастаўлена на тэрмін да шасці месяцаў для буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў, такіх, як РУП "Мінскі аўтамабільны завод", ВА "Мінскі трактарны завод", РУП "Беларускі металургічны завод".

Значную цікавасць выклікаў даклад страхавога рынку Рэспублікі Беларусь з называннем магчымасцей па страхаванню рызык пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Белдзяржстрахам атрыманы прапановы аб супрацоўніцтве ў гэтай сферы ад англійскіх банкаўскіх арганізацый "Стэндард Банк" і "Фокс Піт Келтан". Прадстаўнікі англійскага банка ”Стэндард Банк“ паведамілі аб планах наведаць г.Мінск ужо 19 студзеня 2009 г.

У мэтах развіцця рэкламна-інфармацыйнага бізнесу ў Беларусі і падтрыманні іміджу краіны на міжнароднай арэне, у тым ліку ў спартыўнай і турыстычнай сферах, кіраўніцтвам Мінспорту праведзены перагаворы з кампаніяй ”Buzz TV“, якая з'яўляецца адной з вядучых у свеце тэлевізійных і выдавецкіх кампаній і больш як 40 гадоў аказвае паслугі дзяржаўным органам і прыватным арганізацыям.

Заслугоўвае ўвагі прапанова аб стварэнні 52-мінутнага дакументальнага фільма аб экалагічным турызме і агратурызме ў Беларусі для наступнай трансляцыі на вядучых сусветных і еўрапейскіх каналах ВВС, CNN, Discovery і іншых (тэлевізійная аўдыторыя - амаль 450 млн. гледачоў).

Таксама адбыліся рабочыя сустрэчы з прадстаўнікамі турыстычнага бізнесу Англіі, Італіі, Манака і Францыі. Дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі ў снежні 2008 г. - сакавіку 2009 г. азнаямленчых тураў па Рэспубліцы Беларусь для прадстаўнікоў СМІ і суб'ектаў турыстычнай дзейнасці гэтых краін.

Аб праведзеных перагаворах і сустрэчах Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь з замежнымі палітычнымі і дзелавымі коламі

Правядзенню форуму спадарожнічаў шэраг сустрэч і перагавораў Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь з палітычнымі і дзелавымі коламі Вялікабрытаніі.

Так, 17 лістапада 2008 года ў брытанскім Парламенце адбылася сустрэча з членамі Палаты ашчын і Палаты лордаў Злучанага Каралеўства. Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь выступіў з дбакладам аб эканамічным развіцці краіны, адказаў на пытанні па лібералізацыі беларускай эканомікі, развіццю прамысловага сектара краіны, прыватызацыі банкаўскай сферы.

Парламентарыяў Вялікабрытаніі дастаткова падрабязна цікавілі пытанні зніжэння падатковай нагрузкі на бізнес і, у прыватнасці, меры, што прымаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па адмене абаротных падаткаў, гэта падкрэслівае глыбіню аналізу і цікавасці да працэсаў, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Былі таксама зададзены пытанні аб ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і аздараўленні беларускіх дзяцей, якія пацярпелі ў выніку гэтай трагедыі.

Дыялог з парламентарыямі меў і пэўнае палітычнае адценне. У гэтай частцы былі зададзены пытанні аб прыярытэтнасці ў адносінах Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй і Еўрапейскім саюзам.

У адказ было растлумачана, што стратэгічнай мэтай Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне з'яўляецца абарона дзяржаўнага суверэнітэту, правоў, свабод і законных інтарэсаў беларускіх грамадзян. Па аб'ектыўных прычынах найбольш высокі ўзровень партнёрства склаўся ў Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй. Аднак у інтарэсы Беларусі ўваходзіць і развіццё поўнафарматнага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы. Таму Рэспубліка Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку і зацікаўлена ва ўзаемавыгадных міждзяржаўных адносінах з усімі знешнепалітычнымі і знешнегандлёвымі партнёрамі.

У цэлым па выніках сустрэчы парламентарыі выказалі пункт гледжання аб тым, што стабільнае развіццё Беларусі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу выклікае павагу і ўсяляе ўпэўненасць у правільнасці выбранага кіраўніцтвам краіны курсу эканамічнага развіцця.

У ходзе перагавораў Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь з членам Кабінета Міністраў Вялікабрытаніі, Дзяржаўным міністрам па справах Еўропы К.Флінт былі абмеркаваны перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, а таксама прадаўжэння дыялога па лініі "Мінск - Брусель".

У ходзе перагавораў было адзначана, што з улікам значнай ролі Вялікабрытаніі на сусветнай палітычнай арэне Рэспубліка Беларусь разглядае яе як патэнцыяльна важнага партнёра і выступае за развіццё адносін на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемавыгаднасці. Пры гэтым было абазначана, што ўзаемная зацікаўленасць у сферы эканамічнага супрацоўніцтва абумоўлівае захаванне кантактаў на міжведамасным узроўні. Палітычная воля двух бакоў на актывізацыю дыялога дасць магчымасць не толькі захаваць гэтыя кантакты, але і вывесці эканамічнае супрацоўніцтва краін на якасна новы ўзровень.

Адбылася таксама сустрэча з Міністрам замежных спраў ценявога ўрада кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі У.Хейгам (сустрэча адбылася непасрэдна на форуме 18 лістапада 2008 г.).

Міністр У.Хейг адзначыў, што форум мае поспех у дзелавых колах і выказаў цікавасць да далейшых эканамічных рэформ, праводзімых у Рэспубліцы Беларусь.

З беларускага боку ў ходзе сустрэчы было выказана пажаданне аб тым, каб беларуска-брытанскія адносіны ў бліжэйшы час выйшлі на ўзровень эканамічных адносін Беларусі і Германіі. Рэспубліка Беларусь гатова праяўляць ініцыятыву ў гандлёва-эканамічных адносінах дзвюх краін, прадаўжаць эканамічныя рэформы і ўдзельнічаць у канструктыўным абмеркаванні праблем, якія стрымліваюць развіццё партнёрскіх адносін.

У мэрыі Лонданскага Сіці 17 лістапада 2008 г. адбылася сустрэча Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь з Лордам-мэрам Лонданскага Сіці І.Людэрам.

У ходзе гэтай сустрэчы былі абмеркаваны пытанні развіцця і прыватызацыі банкаўскага і страхавога сектараў Рэспублікі Беларусь. Прымаючы бок цікавілі перспектывы і магчымасці развіцця ў нашай краіне кансалтынгавых паслуг. У гэтай частцы беларускім бокам быў прыведзены прыклад удзелу ў ацэнцы актываў ААТ "Белтрансгаз" банка ABN AMRO, што выклікала станоўчую рэакцыю.

Акрамя сказанага, 16-17 лістапада 2008 г. праведзены шэраг прыватных сустрэч з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Па выніках азнаямлення з дзейнасцю брытанскіх сельскагаспадарчых і конегадоўчых фірм Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі пачата прапрацоўка пытання аб візіце прадстаўнікоў конегадоўчай галіны Вялікабрытаніі ў Рэспубліку Беларусь для арганізацыі сумеснай работы па конегадоўлі і развіццю элітных парод коней у Беларусі.

Па выніках наведвання гандлёвага цэнтра ”Harrods“ дасягнута дамоўленасць аб прапрацоўцы пытання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, уключаючы магчымасць паставак для рэалізацыі праз названы гандлёвы цэнтр беларускай прадукцыі (ільняных вырабаў, алкагольнай прадукцыі, мэблі і іншых).

На сустрэчы з кіраўніцтвам кампаніі "KESKO" (Фінляндыя) абмеркаваны пытанні дадатковага інвесціравання ў пашырэнне беларускай гандлёвай сеткі магазінаў кампаніі "ОМА" (будаўнічыя матэрыялы і інструменты) з павелічэннем аб'ёму тавараабароту на працягу пяці гадоў з 50 да 150 млн. еўра ў год. Па выніках сустрэчы Мінгандлю даручана прапрацаваць пытанне аб павелічэнні колькасці гандлёвых аб'ектаў кампаніі "ОМА" і забяспечыць наяўнасць у г.Мінску - да 3 магазінаў, у кожным абласным цэнтры - па аднаму магазіну.

Непасрэдна на форуме праведзены сустрэчы Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь з кіраўніцтвам 12 замежных кампаній.

Кампанія ”Caterpillar“ (ЗША) выказала зацікаўленасць у супрацоўніцтве з РУП "Мінскі маторны завод" (стварэнне вытворчасці рухавікоў для аўтатрактарнай тэхнікі) і РУП "Беларускі аўтамабільны завод" (арганізацыя сумеснага збыту велікагрузных аўтамабіляў). У ходзе сустрэчы абмеркавана магчымасць будаўніцтва кампаніяй ”Caterpillar“ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь завода па вытворчасці аўтакампанентаў (цяпер гэта кампанія разглядае пытанне аб размяшчэнні такога завода ў Індыі).

Цікавасць да супрацоўніцтва з РУП "Мінскі маторны завод" у частцы арганізацыі вытворчасці рухавікоў праяўлена таксама амерыканскай кампаніяй ”Navistar“ (ЗША).

Яшчэ адной амерыканскай кампаніяй ”ArvinMeritor“ выказана зацікаўленасць у будаўніцтве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь завода па вытворчасці аўтакампанентаў (мастоў і пярэдніх восей) з гадавым аб'ёмам вытворчасці больш як 500 млн. долараў ЗША.

Кампанія ”Euro Immo Star“ (Бельгія) выказалася за супрацоўніцтва ў сферы стварэння і развіцця сістэмы транспартнай лагістыкі Рэспублікі Беларусь з арганізацыяй эфектыўнай эксплуатацыі Нацыянальнага аэрапорта ў г.Мінску з прыцягненнем вядомых замежных авіяперавозчыкаў.

Кампаніяй ”Electrawinds“ (Бельгія) запытаны вынікі праведзеных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь даследаванняў сілы ветру. Названая кампанія разглядае пытанне аб будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі электрастанцый, якія выкарыстоўваюць ветраную энергію, адходы мясаперапрацоўкі і іншыя альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

Заслугоўваюць увагі прапановы холдынгу ”Mobina Group“ (Іран) аб будаўніцтве ў Беларусі аб'ектаў нерухомай маёмасці. Названы холдынг праявіў цікавасць таксама да ўдзелу ў акцыянерным капітале беларускіх банкаў.

Усе выказаныя замежнымі інвестарамі прапановы ўзяты ва Урадзе Рэспублікі Беларусь на асаблівы кантроль. За кожным патэнцыяльным інвестарам замацаваны канкрэтныя кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь. Пачалася работа па рэалізацыі дасягнутых у ходзе перагавораў дамоўленасцей і забеспячэнню паступлення ў краіну замежных інвестыцый і сучасных тэхналогій.

Шырокая цікавасць сусветнага бізнесу да інвестыцыйнага форуму Рэспублікі Беларусь у г.Лондане, нягледзячы на тое, што такое мерапрыемства ў шматбаковым фармаце праводзілася ўпершыню, пацвярджае наяўнасць у Беларусі значнага патэнцыялу ў прыцягненні замежных інвестыцый.

Форум даў магчымасць беларускім і замежным партнёрам наладзіць прамыя кантакты, інфармаваць сусветную супольнасць аб інвестыцыйных магчымасцях Беларусі. Дасягнутыя ў ходзе форуму дамоўленасці дадуць магчымасць прыцягнуць дадатковыя інвестыцыі ў развіццё інавацыйных і навукаёмістых галін беларускай эканомікі. Адзін з асноўных вынікаў мерапрыемства - яго станоўчы ўплыў на фарміраванне іміджу Рэспублікі Беларусь як надзейнага дзелавога і інвестыцыйнага партнёра.

Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА
© Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1996-2005
Rambler's Top100 Rating All.BY