Rambler's Top100
"7 дней""Эканомiка Беларусi"Фотахронiка
Чацвер, 17. Май 2012
Шукаць
На галоўную  |  Карта сайта  
Навiны, падзеi, факты
Прэзідэнт
Палітыка
Эканоміка
Грамадства
Культура
Спорт
У свеце
Фотарэпартаж
Iнфаграфiка

Наша кампанiя
Аб кампанii
Паслугi
Прадукты
Падпiска
Зваротная сувязь


СТВАРЭННЕ МЫТНАГА САЮЗА БЕЛАРУСІ, КАЗАХСТАНА І РАСІІ



Кіраўнікі трох дзяржаў - Беларусі, Казахстана і Расіі - у лістападзе падпісалі дакументы аб стварэнні з 1 студзеня 2010 года Мытнага саюза. Інтэграцыя ў рамках саюза дасць магчымасць краінам свабодна гандляваць паміж сабой, павысіць канкурэнцыю, больш эфектыўна выкарыстоўваць транзітны патэнцыял, палепшыць умовы выхаду прадпрыемстваў на міжнародныя рынкі. Акрамя таго, ствараецца вялікі рынак, сукупныя аб'ёмы запасаў нафты якога складаюць 90 млрд. барэляў, агульны аб'ём ВУП - $2 трлн., сукупны тавараабарот - $900 млрд., аб'ём сельгаспрадукцыі - $112 млрд.

Мытны саюз - гэта аснова для фарміравання ў будучым Адзінай эканамічнай прасторы, стварэнне якой павінна завяршыцца не пазней як 1 января 2012 года, а падрыхтоўка нарматыўнай базы - у 2011 годзе.

ЛІБЕРАЛІЗАЦЫЯ І ПАЛЯПШЭННЕ ІНВЕСТЫЦЫЙНАГА КЛІМАТУ



У Беларусі прыняты шэраг мер па далейшай лібералізацыі і павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці эканомікі: удасканалена дзейнасць кантрольных і наглядных органаў; інвестарам прадастаўлена права заключаць інвестыцыйныя дагаворы з мясцовымі органамі ўлады; адменены рэгістрацыя цэн на новыя тавары, работы, паслугі, абмежаванне гандлёвых надбавак на большасць тавараў (за выключэннем 50 сацыяльна значных пазіцый); спрошчаны парадак правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый, умовы прадастаўлення зямельных участкаў, сістэма падаткаабкладання.



У выніку IFC і Сусветны банк уключылі Беларусь у лік 10 краін-лідэраў, якія найбольш актыўна ажыццяўляюць рэформы ў сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці. Наша краіна прызнана чацвёртай у свеце сярод самых актыўных рэфарматараў. Станоўча ацэньваюць захады беларускіх улад і іншыя міжнародныя фінансавыя інстытуты.

УДАСКАНАЛЕННЕ ВЫБАРЧАГА ЗАКАНАДАЎСТВА



Парламентарыі прынялі папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў. Прапануецца фарміраваць выбарчыя камісіі (акрамя Цэнтрвыбаркама) так, каб не менш за трэць у іх складалі прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, спрасціць вылучэнне і рэгістрацыю кандыдатаў, у тым ліку дазволіць палітычным партыям вылучаць сваіх кандыдатаў ва ўсіх выбарчых акругах незалежна ад таго, ёсць там іх структуры або няма. Таксама дазваляецца ствараць індывідуальныя выбарчыя фонды. Выключаецца парог яўкі выбаршчыкаў, неабходны для прызнання выбараў мясцовых Саветаў адбыўшыміся.



СУСТРЭЧА ПРЭЗІДЭНТА З ПАНТЫФІКАМ І ПАТРЫЯРХАМ



Новую старонку ў супрацоўніцтве дзяржавы з вядучымі канфесіямі, якія дзейнічаюць у Беларусі, адкрылі сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з Папам Рымскім Бенедзіктам XVI і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Візіт кіраўніка дзяржавы ў Рым адбыўся 26-28 красавіка. На сустрэчы з пантыфікам абмяркоўвалася развіццё супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рымска-каталіцкай царквой у сферы навукі і культуры, пытанні міжканфесіянальнага і міжкультурнага дыялога, а таксама перспектывы заключэння канкардату. Аляксандр Лукашэнка запрасіў Бенедзікта XVI наведаць нашу краіну.



Першасвяціцельскі візіт у Беларусь Патрыярха Кірыла адбыўся 25-28 верасня. Прэзідэнт Беларусі і прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы абмеркавалі актуальныя пытанні адносін дзяржавы і Праваслаўнай царквы, ролю праваслаўя ў грамадстве, падкрэслілі важнасць хрысціянскіх каштоўнасцей у духоўным развіцці народа.

УКЛЮЧЭННЕ БЕЛАРУСІ Ў ПРАГРАМУ "УСХОДНЯЕ ПАРТНЁРСТВА"



Беларусь уключана ў праграму Еўрапейскага саюза "Усходняе партнёрства". Паўнапраўнымі членамі ў яе таксама прыняты Арменія, Азербайджан, Грузія, Малдова і Украіна.



"Усходняе партнёрства" ўтвараецца як сумеснае пачынанне дзяржаў - членаў ЕС і іх усходнееўрапейскіх партнёраў. Асноўная мэта ініцыятывы - стварэнне неабходных умоў для паскарэння палітычнай асацыяцыі і далейшай эканамічнай інтэграцыі, падтрымка палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформ.


АПЕРАТЫЎНА-СТРАТЭГІЧНАЕ ВУЧЭННЕ "ЗАХАД-2009"



На тэрыторыі Беларусі і Расіі ў верасні прайшло аператыўна-стратэгічнае вучэнне "Захад-2009". У яго аснову быў пакладзены адзін з магчымых варыянтаў развязвання ваеннага канфлікту, а таксама вядзенне абарончых дзеянняў. Асаблівасцю задумы АСВ стала правядзенне серыі не звязаных адзін з адным адзіным аператыўным камандаваннем вучэнняў па абарончай тэматыцы. Агульная колькасць войскаў, якія ўдзельнічалі ў камандна-штабным вучэнні, склала каля 12,6 тыс. чалавек, у тым ліку ад Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі - каля 6,5 тыс. чалавек, Узброеных Сіл Расіі - каля 6 тыс. чалавек і Узброеных Сіл Казахстана - каля 30 чалавек.



Вучэнне "Захад-2009" стала праверкай магчымасцей Беларусі і Расіі па забеспячэнню ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, гатоўнасці да адбіцця магчымай агрэсіі, дало магчымасць дасягнуць большай зладжанасці дзеянняў органаў ваеннага кіравання, павысіць вывучку злучэнняў і воінскіх часцей узброеных сіл Беларусі і Расіі, якія ўваходзяць у склад Рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл).

ПРАВЯДЗЕННЕ ПЕРАПІСУ НАСЕЛЬНІЦТВА



У Беларусі 14-24 кастрычніка прайшоў перапіс насельніцтва - унікальнае шырокамаштабнае статыстычнае назіранне, вынікі якога з'яўляюцца важнейшай крыніцай інфармацыі для распрацоўкі сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы. Гэта другі перапіс за гісторыю суверэннай рэспублікі, першы адбыўся ў 1999 годзе.

У перапісе-2009 было задзейнічана каля 48 тыс. чалавек часовага перапіснога персаналу, у тым ліку 38,2 тыс. перапісчыкаў, якія непасрэдна ажыццяўлялі апытанне насельніцтва. Было ўтворана 648 перапісных, 6 тыс. 326 інструктарскіх і 31 тыс. 846 падліковых участкаў. Акрамя таго, дзейнічала больш за 3 тыс. стацыянарных перапісных участкаў.

Першыя папярэднія вынікі перапісу будуць вядомы да лютага 2010 года. Поўная апрацоўка персанальных даных будзе завершана да 30 снежня 2011 года.



Вынікі перапісу стануць састаўной часткай сусветнага перапісу насельніцтва, які праводзіцца па Сусветнай праграме перапісаў насельніцтва і жыллёвага фонду.

ПЕРШАЯ ТРАНСПЛАНТАЦЫЯ СЭРЦА



У ноч з 11 на 12 лютага на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Кардыялогія" праведзена першая ў Беларусі аперацыя па трансплантацыі сэрца. Сэрца перасаджана 36-гадовай жанчыне, маці дваіх дзяцей, якая хварэла на дылатацыйную кардыяміяпатыю. Аперацыя доўжылася больш за 5 гадзін, удзел у ёй прымалі каля 20 спецыялістаў цэнтра. У 2009 годзе беларускія трансплантолагі правялі больш за 10 перасадак сэрца.



АТРЫМАННЕ ПРАВА НА ПРАВЯДЗЕННЕ ЧЭМПІЯНАТУ СВЕТУ ПА ХАКЕЮ 2014 ГОДА



Беларусь удастоена гонару прыняць чэмпіянат свету па хакею 2014 года. За нашу краіну выказаліся 75 дэлегатаў кангрэса Міжнароднай федэрацыі хакея, за Венгрыю - 24, Латвію - 3, Украіну - 2.

Спаборніцтвы пройдуць у комплексе "Мінск-Арэна" (умяшчальнасцю 15 тыс. гледачоў), а таксама ў "Чыжоўка-Арэне" (7,7 тыс. месц), узвядзенне якой плануецца завяршыць у 2011 годзе.



Да канца 2013 года ў беларускай сталіцы будзе пабудавана або адрэстаўрыравана некалькі гасцініц для таго, каб павялічыць на тысячу месц 4- і 5-зоркавы жылы фонд. Гэта неабходна для размяшчэння 16 каманд, VIP-балельшчыкаў, афіцыйных асоб.

Праграма развіцця аб'ектаў вулічнай дарожнай сеткі прадугледжвае стварэнне васьмі транспартных развязак, палова якіх непасрэдна звязана з комплексамі "Мінск-Арэна" і "Чыжоўка-Арэна". Будаўніцтва транспартных развязак павінна быць завершана да 2013 года.

УНЯСЕННЕ БЕЛАРУСКАГА АБРАДУ Ў СПІС СУСВЕТНАЙ НЕМАТЭРЫЯЛЬНАЙ СПАДЧЫНЫ



Беларускі абрад "Калядныя цары" ўпершыню ўключаны ў спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гэты унікальны абрад, які ўключае ў сябе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы "Цар Максімілян", характэрны толькі для вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці.



У ім удзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі (так званыя цары), апранутыя ў белыя штаны і кашулі. Чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам крыж-накрыж павязаны на грудзях кожнага цара. На галаве - высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Працэсія "цароў" на Шчодры вечар (з 13 па 14 студзеня) наведвае хаты сялян і разыгрывае драму "Цар Максімілян". Пасля паказу адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў хаты і адорванне ўдзельнікаў абраду. З надыходам цемры "цары" запальваюць факелы, што надае абраду незвычайную відовішчнасць.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА
© Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1996-2005
Rambler's Top100 Rating All.BY