Rambler's Top100
"7 дней""Эканомiка Беларусi"Фотахронiка
Чацвер, 17. Май 2012
Шукаць
На галоўную  |  Карта сайта  
Навiны, падзеi, факты
Прэзідэнт
Палітыка
Эканоміка
Грамадства
Культура
Спорт
У свеце
Фотарэпартаж
Iнфаграфiка

Наша кампанiя
Аб кампанii
Паслугi
Прадукты
Падпiска
Зваротная сувязь

1. Пачатак функцыянавання Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана і фарміраванне АЭП

У 2010 годзе беларуская эканоміка пачала функцыянаваць у рэжыме Мытнага саюза з Казахстанам і Расіяй (МС). З 1 студзеня ўступіў у сілу Адзіны мытны тарыф, з 6 ліпеня - Мытны кодэкс. Працуе наднацыянальны орган мытнага рэгулявання - Камісія МС. Пакуль рана рабіць вывады аб плюсах і мінусах інтэграцыі ў гэтым фармаце. Тавараабарот Беларусі з партнёрамі па МС у гэтым годзе істотна вырас, але якая ў гэтым роля МС, а што варта аднесці на рахунак ажыўлення эканамічнай актыўнасці ў посткрызісны перыяд - разважаць цяжка. Асноўныя праблемы МС былі звязаны са штучным выключэннем з яго рэжыму гандлю энерганосьбітамі. У прыватнасці, Расія ў аднабаковым парадку ўвяла экспартныя пошліны на пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь і перашкаджала экспарту казахстанскіх вуглевадародаў па сваёй тэрыторыі. Гэтыя пытанні былі перанесены на наступны этап інтэграцыі - Адзіную эканамічную прастору (АЭП) трох краін.

Калі ў ліпені 2010 года Прэзідэнт Беларусі выступіў з ініцыятывай паскорыць працэс фарміравання АЭП і ратыфікаваць увесь пакет дакументаў ужо да 1 студзеня 2011 года, немалая колькасць скептыкаў сцвярджала, што выканаць гэту каласальную работу за такія кароткія тэрміны нерэальна. Аднак 21-22 снежня абедзве палаты беларускага парламента ратыфікавалі пакет з 18 пагадненняў па стварэнню АЭП. Немалую ролю ў яго распрацоўцы адыграў той вопыт эканамічнага ўзаемадзеяння, які быў набыты ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Акрамя перспектыў эканамічнага росту сёння можна гаварыць і аб канкрэтных непасрэдных выгадах Беларусі ад ратыфікацыі - яна дала магчымасць дабіцца адмены экспартных пошлін на нафту, якая пастаўляецца ў нашу краіну, што прынясе мільярды долараў у бюджэт. Таксама пагадненні па АЭП дадуць магчымасць адрэгуляваць умовы пастаўкі ў Беларусь расійскага газу з улікам неабходнасці стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы.

2. Адкрыццё комплексу "Мінск-Арэна"

Цяжка сказаць, каго больш узрадавала адкрыццё ў сталіцы ў студзені бягучага года шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Арэна": паклоннікаў спорту або мастацтва. Адна з буйнейшых хакейных арэн Еўропы (умяшчае 15 тыс. гледачоў) будавалася з прыцэлам на чэмпіянат свету па хакею - 2014 у Мінску.

Але спецыялісты шоу-бізнесу (уключаючы прадзюсара "Еўрабачання" Свантэ Стакселіуса) тут жа прызналі яе вельмі перспектыўнай канцэртнай пляцоўкай. Дзякуючы новай "Арэне", сталічная публіка магла ў адыходзячым годзе апладзіраваць Rammstein, Scorpions, Ванесе Мэй, Стынгу і іншым грандам сусветнай эстрады.

3. Алімпійскія і параалімпійскія медалі беларускіх спартсменаў у Ванкуверы

На ХХI Алімпіядзе ў Ванкуверы фрыстайліст Аляксей Грышын у спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы прынёс Беларусі першае золата зімовых Гульняў. Біятланісты дапоўнілі медальны камплект серабром Сяргея Новікава ў індывідуальнай гонцы на 20 км і бронзай Дар'і Домрачавай у гонцы на 15 км.

Яшчэ больш уражальным быў поспех беларускіх параалімпійцаў: на Х зімовай Параалімпіядзе яны заваявалі 9 медалёў (2 залатыя і 7 бронзавых).

4. Пачатак паставак венесуэльскай нафты

У 2010 годзе Беларусь пачала рэалізацыю першага маштабнага праекта па дыверсіфікацыі паставак нафты ў краіну. У ходзе сакавіцкага візіту ў Каракас Аляксандра Лукашэнкі быў падпісаны кантракт аб пастаўках у Беларусь нафты з Венесуэлы агульным аб'ёмам да 4 млн. т да канца года. У красавіку першы танкер прыбыў у Адэскі порт. Былі апрабаваны таксама варыянты дастаўкі праз прыбалтыйскія парты. У бліжэйшыя некалькі гадоў у Беларусь будзе пастаўляцца штогод 10 млн. тон "чорнага золата" ў рамках супрацоўніцтва з Венесуэлай (у тым ліку, з выкарыстаннем свопавых схем).

Для дастаўкі нафты на беларускія НПЗ з партоў Украіны і Прыбалтыкі будуць задзейнічаны нафтаправоды "Адэса-Броды" і "Дружба", а таксама чыгуначны транспарт.

5. Анамальная спёка

Лета-2010 аказалася самым гарачым за гісторыю метэаназіранняў у Беларусі. Яго сярэдняя тэмпература на 4 градусы перавысіла звычайныя значэнні. У жніўні максімальная тэмпература паветра перавышала плюс 30 градусаў, а ў шматлікіх раёнах, у асноўным на ўсходзе краіны, яна дасягала плюс 35 градусаў і вышэй.

Самая высокая тэмпература была зарэгістравана 8 жніўня ў Гомелі, калі слупок тэрмометра дасягнуў адзнакі плюс 38,9 градуса, а ў раёне гомельскага аэрапорта - плюс 39,2 градуса. Спёка справакавала лясныя пажары (якія былі паспяхова ліквідаваны сіламі МНС), а таксама ажыятажны попыт на вентылятары, кандыцыянеры і марожанае.

6. Беларускі інвестыцыйны форум у Франкфурце-на-Майне

Беларускі інвестыцыйны форум 2010 года прайшоў у рамках Еўрапейскага фінансавага тыдня ў адным з вядучых фінансавых цэнтраў ЕС - Франкфурце-на-Майне. Мерапрыемства прыцягнула ўвагу амаль 800 прадстаўнікоў розных кампаній з 36 краін свету.

Па выніках форуму было падпісана больш як 20 інвестыцыйных пагадненняў на суму $2,7 млрд., у тым ліку, па будаўніцтву новага лістапракатнага завода ў Жлобіне (аб'ём інвестыцый да 1 млрд. еўра) і здабыўнога прадпрыемства ў Смаргоні (коштам каля 200 млн. еўра), а таксама ветрапарку ў Лагойскім раёне (120 млн. еўра).

7. Дзіцячае "Еўрабачанне-2010" у Мінску

У лістападзе Мінск стаў сталіцай VIII Міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2010". Творчае спаборніцтва юных артыстаў з 14 краін назіралі не толькі 17 тысяч гледачоў у комплексе "Мінск-Арэна", але і тэлевізійная аўдыторыя 20 краін. Па прызнанню выканаўчага прадзюсара Еўрапейскага вяшчальнага саюза Свантэ Стакселіуса шоу ў Мінску было "адным з лепшых, на якіх ён калі-небудзь быў".

Перамогу на конкурсе атрымаў прадстаўнік Арменіі Уладзімір Арзуманян, а беларускі ўдзельнік Данііл Казлоў увайшоў у пяцёрку лепшых.

8. Чацвёрты Усебеларускі народны сход

Усенародны з'езд, ужо чацвёрты па ліку, сабраў 6-7 снежня 2010 года ў Мінску 2,5 тыс. дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі для абмеркавання прыярытэтаў развіцця краіны на будучую пяцігодку.

Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да яго прыняцця на сходзе быў апублікаваны і вынесены на ўсеагульнае абмеркаванне. Усебеларускі народны сход з'яўляецца традыцыйнай формай уключэння грамадзянскай супольнасці ў распрацоўку прыярытэтаў нацыянальнага развіцця.

9. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі

Асноўная падзея палітычнага календара - прэзідэнцкія выбары - адбылася 19 снежня 2010 года. Выбарчая кампанія праводзілася ў адпаведнасці з абноўленым заканадаўствам: пашырылася прадстаўніцтва грамадзянскай супольнасці ў выбарчых камісіях, павялічыліся магчымасці збору подпісаў за прэтэндэнтаў, у кандыдатаў з'явіліся ўласныя выбарчыя фонды.

Разам з традыцыйнымі выступленнямі на радыё і тэлебачанні прэтэндэнты атрымалі магчымасць правесці дэбаты ў прамым эфіры. Была зарэгістравана рэкордная колькасць кандыдатаў - 10 чалавек, якія прадстаўляюць увесь грамадска-палітычны спектр Беларусі. Міжнародныя наглядальнікі адзначылі ўзросшыя магчымасці канкурэнцыі ў гэту выбарчую кампанію.

Перамогу на выбарах атрымаў Аляксандр Лукашэнка, які набраў амаль 80 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў.

10. Фарміраванне новага ўрада

Пад заслону адыходзячага года Савет Міністраў, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, склаў свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам. З фарміраваннем новага кабінета цягнуць не сталі - Новы год краіна сустрэне з паўнацэнным урадам. Прэм'ер-міністрам назначаны адзін з самых вопытных кіраўнікоў Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які раней займаў пасады віцэ-прэм'ера і кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, а ў апошнія гады ўзначальваў Нацыянальную акадэмію навук.

У новым складзе Савета Міністраў шэраг ключавых пасад быў давераны новым людзям - з вопытам работы ў рэгіёнах. Таксама відавочна, што, прымаючы рашэнне, хто з кіраўнікоў ведамстваў захавае свае пасады, а хто не, Прэзідэнт улічыў вынікі маніторынгу работы са зваротамі грамадзян, а таксама інфармацыю, якая паступіла да яго ў ходзе работы IV Усебеларускага народнага сходу і ў час выбарчай кампаніі.

Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА
© Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1996-2005
Rambler's Top100 Rating All.BY